СУ́ЗДАЛЬСКА-НІЖАГАРО́ДСКАЕ КНЯ́СТВА,

княства Паўн.-Усх. Русі ў 14—15 ст. Займала тэр. па рацэ Ірміс, Нерль Клязьмінская, ніжніх цячэннях Клязьмы і Акі, сярэднім цячэнні Волгі (да р. Сура). Асн. цэнтры — Суздаль, Ніжні Ноўгарад, Гарахавец, Гарадзец, Курмыш. Утварылася ў 1341, калі мангола-татары перадалі суздальскаму князю Канстанціну Васілевічу Ніжні Ноўгарад і Гарадзец. Каля сярэдзіны 14 ст. сталіца княства перанесена з Суздаля ў Ніжні Ноўгарад. Князі Канстанцін Васілевіч і яго сын Дзмітрый вялі барацьбу з маскоўскімі князямі за вял. княжанне Уладзімірскае, у 1360 і 1363 Дзмітрый ненадоўга захапіў вял. княжанне. У 1364—82 ён дзейнічаў як саюзнік маскоўскага князя. У 1382 ніжагародскія князі ўдзельнічалі ў нападзе Тахтамыша на Маскву. У 1392 маскоўскія князі захапілі Ніжні Ноўгарад і з таго часу ўтрымлівалі Сярэдняе Паволжа ў сваіх руках. Князі С.-Н.к. пры дапамозе мангола-татар дамагаліся вяртання Ніжняга Ноўгарада ў 1395, 1411—14, 1440-я г. Уласна Суздальскае княства ў гэты час распалася на шэраг удзелаў, якія ў сярэдзіне 15 ст. далучаны да Масквы.

т. 15, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)